Рэспубліка Беларусь мае свае дзяржаўныя сімвалы – Дзяржаўны сцяг, Дзяржаўны герб, Дзяржаўны гімн.

Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь

Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь з’яўляецца сімвалам дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, уяўляе сабой прамавугольнае палотнішча, якое складаецца з дзвюх гарызантальна размешчаных каляровых палос: верхняй – чырвонага колеру ў 2/3 шырыні сцяга і ніжняй – зялёнага колеру ў 1/3.

Каля дрэўка вертыкальна размешчаны беларускі нацыянальны арнамент чырвонага колеру на белым полі, які складае 1/9 даўжыні сцяга. Суадносіны шырыні сцяга і яго даўжыні – 1:2. Сцяг мацуецца на дрэўку (флагштоку), якое афарбоўваецца ў залацісты (охра) колер.

Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь

Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь з’яўляецца сімвалам дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь. Ён уяўляе сабой размешчаны ў сярэбраным полі залаты контур Дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь, накладзены на залатыя прамяні ўзыходзячага над зямным шарам сонца. Уверсе поля знаходзіцца пяціканцовая чырвоная зорка.

Герб абрамлены вянком з залатых каласоў, пераплеценых справа кветкамі канюшыны, злева – кветкамі лёну. Вянок тройчы перавіты з кожнага боку чырвона-зялёнай стужкай, у сярэдняй частцы якой у аснове Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь у два радкі напісаны золатам словы “Рэспубліка Беларусь”.

Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь

Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь уяўляе сабой музычна-паэтычны твор, што выконваецца ва ўрачыстых выпадках, пералік якіх замацоўваецца ў заканадаўстве.

Дзяржаўны гімн мае сваіх аўтараў: музыку да яго напісаў беларускі кампазітар Н. Ф. Сакалоўскі, а словы – беларускія паэты М. М. Клімковіч і У. І. Карызна.

Мы, беларусы – мірныя людзі,
Сэрцам адданыя роднай зямлі,
Шчыра сябруем, сілы гартуем
Мы ў працавітай, вольнай сям’і.

Слаўся, зямлі нашай светлае імя,
Слаўся, народаў братэрскі саюз!
Наша любімая маці-Радзіма,
Вечна жыві і квітней, Беларусь!

Разам з братамі мужна вякамі
Мы баранілі родны парог,
У бітвах за волю, бітвах за долю
Свой здабывалі сцяг перамог!

Слаўся, зямлі нашай светлае імя,
Слаўся, народаў братэрскі саюз!
Наша любімая маці-Радзіма,
Вечна жыві і квітней, Беларусь!

Дружба народаў – сіла народаў –
Наш запаветны, сонечны шлях.
Горда ж узвіся ў ясныя высі,
Сцяг пераможны – радасці сцяг!

Слаўся, зямлі нашай светлае імя,
Слаўся, народаў братэрскі саюз!
Наша любімая маці-Радзіма,
Вечна жыві і квітней, Беларусь!


Матэрыялы выкарыстаны з крыніцы: https://president.gov.by/be/gosudarstvo/simvolika